“Ноч музеяў” у арт-прасторы “Талстога, 7”
Палітра запрашае ўсіх 21 мая правесці звычайны суботні вечар у незвычайнай Арт-прасторы з незвычайнымі людзьмі. Працаваць Арт-прастора будзе таксама незвычайна – з 11.00 да 23.00. А з 16.00 вас чакаюць… “Трынаццаць Мастакоў і адна Палітра”.
Чаму так? Усё проста: у гэты вечар у Арт-прасторы будуць знаходзіцца адразу 13 мастакоў і, канешне, Палітра. І калі з Палітрай на “Талстога, 7” можна пабачыцца кожны дзень, то адначасова ўсіх мастакоў – аўтараў экспазіцый – у Арт-прасторы яшчэ не было.
На працягу вечара, яны будуць працаваць у сваіх прасторах: абнаўляць экспазіцыю, ствараць новыя творы і камунікаваць з наведвальнікамі. Гэта рэдкая магчымасць паразмаўляць з мастаком, паназіраць за яго працай, нават адчуць сябе вучнем майстра і стаць паўнавартаснай часткай Арт-прасторы.
- Пачнем а 16 гадзіне з фоталабараторыі пад кіраўніцтвам вядомага віцебскага фатографа Юрыя Рэброва, які цалкам пакажа ўвесь працэс стварэння плёначнага фотаздымка 📸
- А 17 гадзіне ў госці да Палітры завітае добравядомы віцебскаму гледачу заслужаны артыст Расіі Мікалай Чалнакоў з перформансам “Цырк у маім сакваяжы”.
- Працягне вечар дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў, які а 18 гадзіне пачне аўтарскую экскурсію па Арт-прасторы з удзелам усіх прадстаўленых тут мастакоў.
- Пачынаючы з 19 гадзін мастачка Ганна Карасёва будзе чакаць усіх у сваёй “калажнай майстэрні”, дзе яна прапануе кожнаму паўдзельнчаць у арт-праекце “Адлюстраванне” і стварыць вялікі сумесны твор разам 🎨
- У 21.30 нашыя сябры са студыі “Cool kids” запаляць святло сваім яскравым flow art шоў.
- А ў 22.30 пажадаем усім добрай ночы лепшым анімацыйным фільмам усіх часоў і народаў.
Памятайце, Палітра чакае вас у любое надвор’е. З вамі ў Арт-прасторы будзе цёпла і ўтульна😌
“І перш, чым запрашаць усіх на “Ноч музеяў”, трэба адзначыць Дзень!” – правільна заўважыла наша Палітра. Таму 18 мая святкуем Міжнародны дзень музеяў.
Увесь дзень уваход ва ўсе філіялы Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва бясплатны!
А 16 гадзіне збіраемся ў калажнай майстэрні Ганны Карасёвай у Арт-прасторы «Талстога, 7» , дзе будзем выразаць, клеіць і ствараць цікавыя рэчы.
А ў 18:30 сустракаемся ў музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, дзе адбудзецца аўтарская экскурсія доктара мастацтвазнаўства прафесара Таццяны Віктараўны Катовіч!
Экскурсія пройдзе пры падтрымцы маладзёжнага тэатра «Колесо» і яго мастацкага кіраўніка Улады Цвікі. Што яны задумалі — апісаць складана, таму прыходзьце, каб пабачыць на ўласныя вочы.