ДЗЕНЬ І НОЧ ТРАДЫЦЫЙ
20 мая 12.00-23.00
Даражэнькія, суботу 20 мая пакіньце вольнай! Не плануйце нічога, акрамя «Ночы музеяў» у філіяле Веткаўскага. Самую музейную ноч філіял Веткаўскага музея ў Гомелі пачне сустракаць… апоўдні 😄 Бо мы падрыхтавалі для вас «Дзень і ноч традыцыі»!
Дзень і ноч традыцыя будзе размаўляць з намі на мовах мінулага і будучыні. Усе разам мы пойдзем шукаць традыцыю ў сабе і навокал.
З апоўдня і да амаль апоўначы можна будзе наведаць дзеючыя выставы ў суправаджэнні куратараў і лектараў: «Спасава Слабада», «Ecce homo. Уніяцкае мастацтва Беларусі», «Кераміка і ЭТНАбатаніка».
Увесь доўгі дзень будзе накіраваны на знаёмства з гадавым абрадавым і песенным цыклам Гомельшчыны: «Велікодны карагод», «Сула», «Юраўскі карагод», «Пахаванне стралы» і багата іншых.
Сакрэтамі жывых рамёстваў падзеляцца захавальнікі старажытных мастацтваў. Цудоўныя майстар-класы дапамогуць вам ператварыцца з назіральніка ва ўдзельніка ўсіх дзействаў. Будуць майстар-класы па:
- драўлянай разьбе,
- лепцы гліняных абярэгаў,
- пляценні з бісера традыцыйных упрыгожванняў,
- пляценні паясоў па цікавай тэхналогіі,
- пляценні з лазы, вязанні,
- пляценні дзявочых вяночкаў,
- вырабе абярэжных лялек.
Для прыхільнікаў традыцыйнага ткацтва будзе магчымасць далучыцца да таямнічай ткацкай справы.
Дзіцячая пляцоўка будзе балаваць нашых самых маленькіх наведвальнікаў гульнямі і майстар-класамі беларускіх традыцыйных мастацтваў.
А ўвечары адбудзецца нешта неверагоднае! На нашай пляцоўцы выступіць спецыяльны госць, таленавіты музыка, даследчык нашай традыцыйнай культуры, транслятар тэкстаў і рытмаў нашых продкаў язычніцкіх часоў — Іван Кірчук! Спадар Іван пакажа сваю аўтарскую праграму «Ад чароткі да дуды».
Напрыканцы вечара атмасферу «музейнай ночы» працягнуць ствараць этна-гурт «БіФолк» і светлавое шоу.
А завершыцца наш «Дзень і ноч традыцыі» сумесным праглядам «Кола часу» — кіно пра ўвесь абрадавы цыкл Палесся.
ПАДРАБЯЗНАЯ ПРАГРАМА
Сцэнічная пляцоўка (прастора каля будынку філіяла музея). Тут можна будзе:
- 12:00-13:00 — пабачыць абрад «Велікодны карагод», паглядзець-паслухаць выступы фальклорных і інструментальных ансамбляў з Велікоднай праграмай.
- 13:00-14:00 — паўдзельнічаць у майстар-класе па традыцыйным песням і карагодам разам з фальклорна-этнаграфічным ансамблем Стаўбунскія вячоркі»; паглядзець, як прыгожа дзеці ўмеюць танчыць бытавыя танцы.
- 14:00-15:00 — паглядзець-паслухаць выступы фальклорных калектываў з абрадавымі спевамі.
- 15:00-16:15 — далучыцца да рэканструкцыі абраду «Сула»; паслухаць абрадавыя спевы ад фальклорных калектываў; павучыцца граць на цымбалах — будзе майстар-клас.
- 16:15-17:00 — паслухаць выступ бандурыстаў.
- 17:00-18:30 — пабачыць абрад «Юраўскі карагод», а пасля яшчэ і выступы фальклорных калектываў.
- 18:30-20:00 — навучыцца танчыць! Нашы сябры «Школка бытового танца» пад акампанемент гарманіста Віктара Шыпкова дапамогуць вам пачаць танчыць народныя танцы па-сапраўднаму!
- 20:00-21:00 — паслухаць выступ фальклорнага калектыву.
- 21:00-22:00 — атрымаць асалоду ад выступу Івана Кірчука з аўтарскай праграмай «Ад чароткі да дуды».
- 22:05-22:10 — пабачыць светлавое шоу ад шоу-праекта «Insane».
- 22:15-23:00 — працягнуць наш «Дзень і ноч традыцыі» сумесным праглядам «Кола часу» — кіно пра ўвесь абрадавы цыкл Палесся.
Выставачныя залы музея (унутры):
- 12:00-22:45 — свабоднае наведванне экспазіцый, кожную гадзіну па адной з залаў будзе праводзіцца невялічкая экскурсія.
- 17:00-17:30 — прэзентацыя зборніка дакладаў I Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі па стараабрадніцтву, якую праводзіў наш музей.
- 19:00-19:30 — лекцыя пра касмічны аспект яднання жаночага і мужчынскага пачаткаў «Нябеснае вяселле» ад заслужанай дзяячкі культуры Беларусі Галіны Нячаевай.
Дзіцячая пляцоўка (прастора каля будынку філіяла музея):
- 12:00-20:00 — майстар-класы па абярэгах, саламяных ляльках, вышыўцы, прадзенню, ткацтве, упрыгожванням з бісеру і інш; адукацыйны праект ад дзіцячай бібліятэкі «Загадкі з бабулінай кнігі».
Пляцоўка рамеснікаў (прастора каля будынку філіяла музея):
- 18:00-21:30 — майстар-класы і выстава рэчаў ад рамеснікаў па: драўлянай разьбе, лепцы гліняных абярэгаў, пляценні з бісеру традыцыйных упрыгожванняў, пляценні паясоў па цікавай тэхналогіі, пляценні з лазы, вязанні, пляценні дзявочых вяночкаў, вырабе абярэжных лялек.
*Звяртаем увагу, што падчас правядзення мерапрыемства магчымы змены ў часе і складзе ўдзельнікаў.
Час правядзення: 20.05 (субота) з 12:00 да 23:00.
Кошт: бясплатна / данат (ахвяраванне) любога памеру.
Месца правядзення: філіял Веткаўскага музея ў Гомелі. г. Гомель, пл. Леніна, 4а. (у парку, за саборам Пятра і Паўла).