А таксама:
У нашым свеце мы часта забываемся на самае важнае – адпачынак. Сучасны рытм жыцця, пастаянны рух, інфармацыйны шум — усё гэта бярэ сваю рэшту і стамляе. І што, калі не час у музеі, сустрэча з мінулым, можа дапамагчы спыніцца? Запрашаем вас на “Ноч музеяў – 2025: Час адпачынку!”, якая будзе прысвечана таму, як бавілі вольны час, калі Пятрусь Броўка жыў на Карла Маркса, 30.
Без спешкі, без абавязкаў, без думак пра заўтра. Мы падрыхтавалі для вас праграму, дзе кожны можа знайсці нешта для сябе.
І не забывайцеся, што ў гэтым годзе ў нас традыцыйна будзе дрэс-код, але ж… з асаблівым акцэнтам на расслабленасць. Прыходзьце ў вашых самых камфортных рэчах, што б гэта ні было! Стварайце разам з намі атмасферу ўтульнасці і нязмушанасці, каб гэты вечар сапраўды стаў часам адпачынку для кожнага.
Чакаем вас 17 мая з 18:00 да 23:00 у Літаратурным музеі Петруся Броўкі.
ПРАГРАМА:
18:00 – Лекцыя “Вольны час Петруся Броўкі” (Карына Кушчанка, даследчык, старшы навуковы супрацоўнік музея).
Як адпачывалі класікі? Мы з вамі маем унікальную магчымасць даведацца пра гэта на прыкладзе асобы Петруся Броўкі. Карына Кушчанка, куратар выставы “Пятрусь Броўка без гальштука”, распавядзе вам самыя цікавыя, шчырыя, а часам і смешныя гісторыі з жыцця паэта, адкрые жывога чалавека, поўнага шчырасці, гумару і цеплыні, са сваімі звычайнымі клопатамі і радасцямі.
19:00 – Лекцыя “Горад, людзі, архітэктура, мода” (Антон Дзянісаў, гісторык).
Горад – гэта архітэктура, дамы і праспекты, вуліцы і завулкі, плошчы і скверы, дзе віруе жыццё гараджан. Гісторык Антон Дзянісаў распавядзе, як мянялася аблічча Мінска на працягу ХХ стагоддзя, як змянялася мода, назвы вуліц і архітэктурныя стылі.
20:00 – Майстар-клас “Пляцём авоську”.
Класічная рэч эпохі, што зноў у модзе. Авоська — тое, з чым калісьці хадзілі ў краму па малако і батон — сёння ператварылася ў стыльны аксэсуар, які можна сустрэць у лінейках сучасных брэндаў. Запрашаем на майстар-клас, дзе вы пазнаёміцеся з мастацтвам макрамэ і створыце сваю ўласную авоську — прадмет, які нясе ў сабе цеплыню мінулага і актуальнасць сучаснасці.
21:30 – Відэапаказ фільма “Каханая” (“Беларусьфільм”, 1965).
Стужка пра каханне, пошукі сябе і жыццё, якое пульсуе ў звычайных дробязях — “Каханая” дазваляе акунуцца ў атмасферу 60-х не толькі праз гісторыю герояў, але і праз сам горад. Фільм здымаўся ў Мінску, і таму гэта рэдкая магчымасць убачыць сталіцу такой, якой яна была тады: з трамвайнымі калямі, дворамі і праспектамі, якія дыхаюць эпохай. Глядзець гэтае кіно — быццам прагуляцца па старых вуліцах, якія яшчэ памятаюць іншы рытм жыцця.
А ТАКСАМА:
Выстава “Пятрусь Броўка без гальштука”.
Часовая экспазіцыя “Пятрусь Броўка без гальштука” раскрывае паэта па-за рамкамі школьных падручнікаў — як жывога чалавека з гумарам, побытам, прывычкамі і марамі. Асабістыя рэчы, фотаздымкі, рукапісы і ўспаміны блізкіх дазваляюць адчуць, дзе і як нараджаліся яго вершы, дзе ён адпачываў, шукаў натхненне і проста быў сабой.
Майстар-клас па радыёэлектроніцы “Качар Бровіна”.
У савецкі час радыёэлектроніка была не толькі справай інжынераў, але і папулярным хобі. Журналы з схемамі, гурткі для школьнікаў, самаробныя прыстасаванні — усё гэта было часткай свету тэхнічнай творчасці. На нашым майстар-класе мы паглыбімся ў адно з незвычайных захапленняў той эпохі і разам паспрабуем сабраць качар Бровіна — просты генератар высокай частаты, які можа запальваць лямпачкі на адлегласці. Гэта не толькі цікавы тэхнічны эксперымент, але і нагода адчуць сябе сапраўдным гурткоўцам 70-х.
Інтэрактыўная праграма з варажбой на картах Таро.
У савецкую эпоху пра Таро не пісалі ў газетах, але інтарэс да невядомага, вядома, жыў — спірытызмам захапляліся ўпотай, на кухнях распавядалі “што бачыла варажбітка”, а будучыню спрабавалі разгадаць хоць бы па кававай гушчы. Мы працягваем гэты нябачны пласт цікавасці да таямнічага — і прапануем вам зазірнуць у будучыню з дапамогай Таро. Бо калі ты крыху больш разумееш, што наперадзе, — адпачываць становіцца прасцей і лягчэй.
Інтэрактыўная праграма “Савецкія настольныя гульні”.
Лато, даміно, шашкі, пятнашкі, мазаіка, канструктар і не толькі — у савецкі час гэта быў адзін з самых папулярных спосабаў адпачынку. Без экранаў, без спешкі, затое з часам для размовы, смеху і цярплівасці. Мы прапануем вярнуцца да гэтага рытму: сесці за стол, уключыцца ў гульню і дазволіць сабе запаволіцца, адчуць сяброўскую цеплыню. Бо калі людзі гуляюць разам — яны не толькі адпачываюць, але і становяцца крыху бліжэй.
А таксама дошка аб’яў, разыгранка “Квітка ўдачы” і многае іншае!
Уваходны квіток: 10 руб.
Кантактны тэлефон: (017) 342-09-81.
Данный сайт является информационной платформой и не выступает организатором акции «Ночь музеев». Мы предоставляем музеям возможность бесплатно добавить свою программу на интерактивную карту для привлечения посетителей.
Мы не координируем общую программу акции; не предоставляем финансирование или реквизиты для билетов; не несем ответственность за организацию на местах.
Как это работает?
Мы помогаем музеям заявить о себе, а гостям — легко найти события.
Как подать заявку на размещение? заполнить заявку